
З прадмовы аўтара да альбома:
«Ранішняя раса, туман… Сонечная дарожка на люстры возера, рух ракі… Бляск ручая, дождж за акном і першы снег… Смак вады з прыгаршчаў… Момант, калі перапыняеш дыханне, а вусны нецярпліва дакранаюцца да паверхні крыніцы… Неспакой, з якім зазіраеш у блакітныя вочы дзяўчыны… Гэтыя вобразы-сімвалы ведае кожны. Пры ўзгадцы пра іх з’яўляецца пачуццё шчасця. Свядомасць зрушвае крыгаход мараў і ўспамінаў. Плынь думак і фантазіі пераносіць у час дзяцінства і маладосці, туды, дзе ёсць нешта сваё. Там, дзе купаўся, сплаўляўся з сябрамі на байдарках, лавіў рыбу, катаўся на лодцы з каханым чалавекам. Мроіцца дзядоўская хата са студняю ў двары. Лецішча з невялічкай сажалкай… Вобразы, існаванне якіх немагчымае без аднаго важнага складніка — вады. Той, што віруе і ласкава плёскаецца ў непаўторных творах Бога на зямлі — іх хараству і прысвечана гэтая кніга».